Мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

15.02.2022

Мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 33-годдзю з дня вываду савецкіх войск з Афганістана, адбыўся ў райцэнтры каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам 15 лютага.

Аддаць даніну павагі ўдзельнікам той жудаснай вайны прыйшлі многія: кіраўніцтва раёна, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь, жыхары горада і раёна.

Шмат гадоў аддзяляе нас ад таго памятнага дня, калі савецкія войскі пакінулі абпаленую вайной зямлю Афганістана. Гэтая вайна закранула лёсы многіх нашых суайчыннікаў.

Да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіему звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук:

– Гэты дзень нагадвае нам аб каштоўнасці міру і надае ўсё большую значнасць захаванню памяці аб мужнасці, вернасці прысязе і воінскаму абавязку. Для ветэранаў Афганістана – гэта дзень пашаны і павагі, а для маладога пакалення – урок мужнасці і патрыятызму. Звяртаючыся да ветэранаў, старшыня райвыканкама адзначыў: – На той страшнай вайне кожная хвіліна вашага жыцця магла быць апошняй, але вы выстаялі і вярнуліся дадому. Няхай ніколі не ведаюць жахаў вайны вашы дзеці, унукі і праўнукі. Сёння, у дзень памяці і смутку, мы нізка схіляем галовы перад вашымі сабратамі па зброі, якія загінулі на чужой зямлі.

На мужнасць афганцаў, іх смеласць і вытрымку, нягледзячы на раненні, а ў мірным жыцці – годны прыклад для моладзі – звярнуў ўвагу старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Сяргей Матонін:

– Хто, калі не мы, павінен прыйсці на змену ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і данесці да моладзі ідэі міру і згоды. Менавіта сёння, калі патрыятычнае выхаванне становіцца адным з прыярытэтных, наш бясцэнны вопыт і вытрымка неабходны ў агульнай справе – фарміраванні ў моладзі грамадзянскай адказнасці за лёс сваёй краіны.

Вядучыя мітынгу пайменна назвалі воінаў-інтэрнацыяналістаў з Івацэвіччыны, загінуўшых у той вайне, а ваеннаслужачыя, трымаючы партрэты герояў-землякоў, пад залпы аўтаматаў разам з усімі прысутнымі ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Завяршыўся мітынг смутку ўскладаннем вянкоў і кветак да помніка.